Пра Фэст

 

  • ПЯТРОВІЦА – такую назву атрымала ў 2011 годзе летняя моладзевая школа традыцыйнага народнага танца, а потым і фэст традыцыйнай народнай культуры, у які школа перарасла за гады свайго існавання.
    Традыцыйна з усёй Беларусі, а таксама з замежжа збіраецца моладзь, каб навучыцца народнай манеры танца, зведаць хаця б маленькую тольку багатай –  аж у 95 танцаў – танцавальнай скарбонкі Любаншчыны.

 

  • ПЯТРОВІЦА – гэта танцы! У ролі галоўнага настаўніка выступае этнахарэограф сп. Сяргей Выскварка, мастацкі кіраўнік узорнага фальклорнага калектыву «Верабейкі» Любанскага раённага цэнтра культуры. Ён дзеліцца сваімі ведамі Любанскай танцавальнай манеры, якія атрымаў яшчэ ад сваёй бабулі, а папоўніў і сістэматызаваў ужо падчас сур’ёзанай даследчыцкай працы. У пошуках танцаў і другой аўтэнтыкі ён даследаваў раён уздоўж і ўпоперак.

 

ПЯТРОВІЦА – гэта і  спевы! З 2015 года важным складнікам Пятровіцы сталі спеўныя заняткі.  Музыкалаг, мастацкі кіраўнік фальклорнага гурта “Варган” спн. Вольга Емяльянчык дапамагае ўдзельнікам не толькі зразумець і адчуць хараство народных песень, але і вучыць спяваць тую ці іншую песню дамесца.

ПЯТРОВІЦА –інтэрактыўнае паглыбленне ў традыцыйную народную культуры, вандраванне-гасціны па этнаграфічных куточках Любанскага краю, знаёмства з носьбітамі народных традыцый, спевы і танцы з аўтэнтычнымі фальклорнымі гуртамі, падарожжы фальклорнымі сцежкамі ў вясковыя хаты і падворкі, знаёмства з краявідамі, майстар-класы па хлебапекарстве, вышыўцы, выцінанцы, а таксама смачныя вясковыя сняданкі, абеды і вячэры, час праведзены з сябрам аднадумцамі.

 

  •  ПЯТРОВІЦА – гэта час касавіцы, калі традыцыйна мужчыны былі заняты касьбою, а ў дзяўчат была ці не апошняя магчымасць пагуляць перад жнівом. Час калі хлопцы выбіраюць нявест. Пра што сведчаць радкі з пятроўскіх песень :” Ой, разгон, разгон Пятроў дзень”,  “Мінаецца хлопцам Пятровіца – гардовіца”.
  • ПЯТРОВІЦА –  перыяд ад дня святой Тройцы да свята раўнаапостальных Пятра і Паўла, на які прыпадае  Пятроўскі пост.

 

  • ПЯТРОВІЦА –“гасцявы кірмаш на Пятра” ў в. Шапілавічы, з малебнам каля ахоўнага крыжа, гасцявым канцэртам, кірмашовымі забавамі і выставамі і пачастункамі.
  • ПЯТРОВІЦА – дакладная рэканструкцыя мясцовага народнага свята “Пятрок” з карагодамі па вёсцы, з замовай агню, з ініцыяцыяй дзяўчат, з спальваннем мужчынскіх шапак, з кумленнем дзевак і хлопцаў, з танцамі і забавамі, з пятроўскай “абшчыннай юшкай”.
  • ПЯТРОВІЦА – свята ў в. Шыпілавічы Любанскага раёна на радзіме вядомага этнографа, пісьменніка, тэатральнага крытыка пп. ХIXст. Паўла Шпілеўскага.

 

 

  • ПЯТРОВІЦА, апроч іншага, – выдатная магчымасць адпачыць ад гарадскога тлуму ў полі, лузе, лесе, на рацэ.  

Далучайцеся!