Пятроўскі інтэнсіў 8 ліпеня
Шчыра запрашаем 8 ліпеня на Пятроўскі танцавальны інтэнсіў!
Так цешыць, што на Пятровіцу прыязджаюць часта ўжо спрынтыя і вопытныя танцоры. Але нам вельмі прыемна, што людзі наважваюцца прыехаць на фэст і для таго, каб пачаць танцаваць.
Напярэдадні Пятроўскага фэсту мы вырашылі прысвяціць асобны дзень асновам беларускіх танцаў. Усё навучанне будзе скіравана на пачаткоўцаў. Абяцаем угаварыць музыкаў граць павольна і доўга.
Каго мы чакаем?
Тых, хто па нейкіх прычынах яшчэ не зрабіў свой першы трохкрок у свет танцаў.
Тых, хто вельмі хоча вальней пачувацца на танцавальных вечарынках.
Тых, каму трэба “ўтаптаць трохкрок” і “дакружыць вальс”.
Тых, хто мае пытанні датычныя танцаў і вечарынак.
Аматараў актыўнага, вельмі актыўнага, адпачынку.
Дапаможа затанцаваць аўтар методыкі выкладання танцаў дзецям, слынны этнограф і харэограф Сяргей Выскварка.
Выкладачык з вопытам у чвэрцьстагоддзя ведае як укласці рытм у рукі і ногі 6гадоваму дзіцёнку і як растанцаваць бабулю з кіёчкам.
Больш пра гэтага цікавага і самавітага чалавека з Любаншчыны спытайце ў гугл і вікі:
https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%A1%D1%8F%D1%80%D0%B3%D0%B5%D0%B9_%D0%93%D0%B5%D0%BE%D1%80%D0%B3%D1%96%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87_%D0%92%D1%8B%D1%81%D0%BA%D0%B2%D0%B0%D1%80%D0%BA%D0%B0
Што ў праграме?
Падчас 8 гадзінных заняткаў удзельнікі навучацца чуць і адрозніваць рытм, авалодаюць асноўнымі рухамі, трохкрокам і вальсавым крокам, асвояць 5-10 побытавых танцаў.
Больш таго яны пазнаёмяцца з танцавальным этыкетам, з відамі танцаў, перыядамі і гісторыяй іх з’яўлення.
Калі не заглыбляцца ў псіхалагічныя і аздараўляльныя аспекты танцаў, удзел у такім навучанні дапаможа хутка і вясёла развіць у сабе танцора. Пасля інтэнсіву можна смела кіравацца на танцавальныя вечарынкі ў сталіцы і іншых гарадах.
Якія ўмовы?
Заняткі адбудуцца ў в.Шыпілавічы Любанскага раёна.
З Мінску будзе арганізаваная маршрутка, якая адправіцца меркавана ў 8 раніцы ад Чыгуначнага вакзала.
Заканчэнне заняткаў і ад’езд будуць залежаць ад колькасці і жаданняў удзельнікаў.
Будзе арганізаваная маршрутка, якая адправіцца ў МІнск альбо у 17.00, альбо у 19.00.
Праезд у маршрутцы каштуе 10 рублёў у адзін бок.
Ежу варта прадумаць самім. Арганізатары прапануюць гарбату і халодныя напоі. У вёсцы ёсць харчовая крама.
Удзел у інтэнсіве бескаштоўны. Вітаюцца ахвяраванні на арганізацыю заняткаў (5 руб).
Ёсць пытанні?
Тэлефануйце Настассі 8 025 9059589.
Прыездзеце?
Запоўніце анкету ўдзельніка да 1 ліпеня https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLScgj3P17P5KRmtf_T8lMT–HEuyWIvg9lJFlAIXuH0EF_PHwA/viewform?usp=sf_link
Да сустрэчы!